Час склікаці ўжо грамаду На вялікую нараду, На вялікі сход! Хай рассудзіць, хай разважа, Слова цьвёрдае хай скажа, Скажа сам народ! Як жыць мае, пажываці Ў родным краю, ў роднай хаце, Як заводзіць лад: Ці жыць далей у няволі, Ці разжыцца новай доляй, Новы ўзьнесьць пасад. Доўга людзі ўдзень блудзілі, Крыўду, сьлёзы, кроў пладзілі, Ўсё ня ўмелі жыць, – А сягоньня ўжо ня тое, – Ўсходзе сонца залатое Роўна ўсім сьвяціць. Ходзіць ходырам сьвет цэлы, Сьмела ў бітву йдзе нясьмелы, Ў бой за лепшы час. Дык і нам цапы і косы Час браць з вышак, покі росы Воч ня згрызьлі ў нас. Хай званы зазвоняць з жарам, Хай музыка ў струны ўдара! Гэй, паўстань, народ! За сябе сам пастаяці I за Бацькаўшчыну-маці Йдзі, народ, на сход!
1918
|
|