Зашумела нудна восень Шумам лісьцяў, шумам сосен Даўшы волю хмурамі Ажно з гоняў Беларусі Ў вырай вылецелі гусі, Паплылі ўдаль шнурам. Сьледам з выраем, з гусямі Паляцелі думкі самі, Сэрца ўскалыхнулі; Ўскалыхнулі долі плесьняй, Азваліся казкай-песьняй, Ў смутку патанулі... Ой, вам, гусі-вырайніцы, Жыць нядоўга ў чужаніцы, Зноў к нам прыплывеце, Зноў вас будуць сустракаці Нашы рэчкі, сенажаці, Наша сонца ў цьвеце. Ой, вы, гусі-гудзіцелькі, Не забудзеце зямелькі, Дзе дзяцей пладзілі, Дзе вы месячык страчалі, Дзе вы зоркі падлічалі, Плавалі, хадзілі. Знаю, зложыце тут косьці, Толькі зьлётаеце ў госьці Асьвяжыце грудзі: Вы ня ўмееце йшчэ, гусі, Выракацца Беларусі, Як умеюць людзі.
1918
|
|