РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Янка Купала
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
На біблейныя матывы
З псальму 78
Божа! Паганцы прыйшлі на айчыну Тваю,
      Дом апаганілі, дом Твой сьвяты;
Кінулі целы Тваіх слуг зямному зьвяр’ю,
      Птахам паднебным на страву – трупы.
Рэкамі скрозь палілася чырвоная кроў,
      Некаму справіць набожных спамін-хаўтуроў.
 
Нашы суседзі нябожна паганьбілі нас;
      Зьдзекам, пасьмешышчам нас адалеў
Той, што у нашы сялібы прыйшоў на папас,
      Нашыя хаты зьмяніўшы у хлеў.
Докуль, о Божа, Ты гневацца будзеш маўчком?
      Хутка ж Твая ўспаланее заўзятасьць агнём?!
 
Вылі гнеў Твой на паганцаў, што вечна Цябе
      Знаці ня знаюць – яны, іх сям’я;
Вылі гнеў Твой і на царствы, ў сваёй што мальбе
      Вечна Твайго не ўзывалі імя.
Бо усьмярцілі яны Твой слухмяны народ,
      Мейсца яго спусташылі на захад і ўсход.
 
Каб не казалі пагане паміжы сабой:
      «Дзе ж гэта іхні той Бог ці ён глух?»
Помста Твая хай раздасца над хэўрай сьляпой,
      Помста пралітай крыві тваіх слуг.
Стогны скаваных Твой воблік адчуюць няхай,
      Дзетак забітых бацькоў ад загубы ўхавай!
 
1920
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2021. Беларусь, Менск.