Я кароль над каралямі, Пан я над панамі! Што мне значаць і цары ўсе, – Пасудзіце самі. Тругу-гугу! Тругу-гугу! Дзьму я ў рог вайсковы: Гэта знак даю падданым З трубы берастовай. Лясь-лясь! Лясь-лясь! – зброяй лясну Ўправа, ўлева громка: Гэта страшу я падданых Пугай доўгай, ёмкай. І сабраў сваіх падданых І павёў, павёў я Цераз горы, цераз долы, За гай, за дуброўе. Тругу-тугу! Тругу-гугу! Зноў трублю сярдзіта; Лясь-лясь! Лясь-лясь! – сьвішчу зброяй Грозна, санавіта. I усеўся я на троне – На карчы яловым, А падданыя падданяць, – Не буркнуць ні слова. Толькі – скуб-скуб! Скуб-скуб траўку Згодна ды пакорна, Ажно рэха ад скубаньня Коціцца прасторна. Толькі часам мм-у, мм-у! – Замычыць цялятка; Бэ-э, мэ-э! Бэ-э, мэ-э! – Забляе ягнятка. Рох-рох, цох-цох! Кві-кві, кві-кві! – Пісьне парасятка, Ды гі-гі-гі? – адыржэцца Недзе жарабятка. А я важна, а я пышна Сяджу на пасадзе, На падданых пазіраю, Як дзе на парадзе. Сонца косы млоснай сьпекай Сьцелюцца на полі, А ў дуброве штось шапоча Ліст зь лістком паволі. Куку-куку! Куку-куку! – Кукуе зязюля; Піць-піць! Піць-піць! – каня кліча, Як бы посьле гуляў. Ву-ву! Ву-ву! – загудзеў жук Каля вуха сьмела; Ззынь-ззынь! Ззынь-ззынь! – зь мёдам з кветкі Пчолка зазьвінела. Сэрца мне затрапятала. I я без прынукі – Шась трубу сваю на плечы Ды жалейку ў рукі! Туль-туль-лілі! Туль-туль-лілі! – Граю, не зважаю; Туля-ляля! Туля-ляля! – Птушкам падцінаю. Гуля-ляля! Не кароль жа Я над каралямі? – Я, мой статак, сонца, поле?.. Пасудзіце самі!
1922
|
|