РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Янка Купала
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Мая доля
Мая доля, дык вось доля,
Каб ты лопнула была!
Каб у чыстае дзе поле
Ад мяне ты уцякла!
 
Чаму ж, доля, ты цяжкая,
Тут мне шчасьця не даеш?
Чаму ж, горкая такая,
Сьмерць мне лепей не пашлеш?
 
Гэтак цягам мяне мучыш,
Як душу у пекле чорт;
Гэтак сэрца маё сушыш,
Што аж сам я ссох, як хорт!
 
Не даеш ты мне спакою
Ані ўночы, ані ўдзень, –
Усё ходзіш ты за мною,
Як нябожчыка той цень.
 
Куды толькі ні парвуся,
Каб хоць троха лепей жыць,
Дык калі не аглянуся,
Мая доля тут бяжыць.
 
I усё мне скруціць, змуціць,
Як хто дзе калом ваду.
I душу маю засмуціць,
I нашле злую бяду.
 
I жыцьцё ня міла стане,
Згінуць хочацца зусім.
I як бы хто сэрца зране, –
Нейкі боль чуваць у ім.
 
I так хочацца зваліцца
У глыбокі дзе ручэй,
Каб ня бачыць – утапіцца –
Ані сонца, ні людзей.
 
Дык вось, доля, мая доля,
Каб ты лопнула была!
Каб у чыстае дзе поле
Ад мяне ты уцякла!
 
15.VII.1904
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.