РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Рыгор Барадулін
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Шапка
Усю зіму з апраткаю забытай,
Як у глухім бярлогу, ў шафе сьпіць –
Не маладая ўжо аладка-шапка,
Саперніцу вушанку ненавідзячы.
I толькі аднаго яна баіцца,
Каб гаспадар вясною не надумаўся
Аддаць яе вароне на гняздо, –
Не паўтарыць бы сумны лёс бабулі.
 
...Зайшоў з марозам гаспадар у хату
I моўчкі, стомлены, за стол садзіцца.
 
Калі, бывала, летам ён палуднаваў,
Ляжала на краі шырокай лавы,
А гаспадарскі сын яе прымерваў.
 
З-пад доўгага брылька ружовашчокі
Глядзеў малы, як яблык з-пад лістка.
Сьвяціўся бацька ўсьмешкаю шчасьлівай.
 
Чаму брылёк так напал надламаны?
На золку гаспадар устаў, каб сеяць.
Шчырэў уночы дождж – і, як вашчыны,
У соты ўсю ральлю парашаціў.
Было на ўскоце сонца. У кішэню
Яе паклаў таропка гаспадар
I прывітаў з пашанаю Ярылу
Ды папрасіў, каб ярыне спрыяў ён.
 
А што вушанка? Апусьціўшы вушы,
Усю зіму праходзіць. Незайздросна!
Лютуе Люты, сьцюжыць Студзень. Сьнежань
I той гады ў рады бывае ціхі...
 
Зух-Сакавік яе цярпець ня можа,
Хоць ён падыме вушы гэтай соні.
Ледзь сонца ласкавейшым вокам гляне,
Аладку-шапку ўсторкне на хапку.
 
Ну, а ў Красавіка па-кавалерску
Яна ляжыць – на чубе і на вуху.
 
Май ветраны – штоноч чакай у хаце,
Пакуль яму кудлаціць чуб каханка.
 
...Выходзіць гаспадар, і дзьверы ціўкаюць.
 
Ну, як ня ўспомніць Чэрвень загарэлы!
Дакошвае лугі – знаходзіць гнёзды,
Кладзе ў яе цяплюткіх птушанят.
 
Брылёк
                сасьмяглы Ліпень перакручвае
I нагінаецца крыніцу выпіць.
Ня сьпіць у шапку, носіць яе радасны
Вусаты Жнівень ледзь не на патыліцы.
 
Праводзячы вачыма вырай сумны,
Яе рукой прытрымлівае Верасень,
Нідзе не забываецца Кастрычнік,
Нацягвае на вушы Лістапад.
 
Яна прапахла вапнай і зямлёю.
Зрабілася ад ліўняў і ад сонца
Якраз як сівагракава крыло...
 
Што апроч сьнегу бачыла вушанка?
 
Апошні раз ішлі з гаспадаром
I на яе лісток чырванацыбы
Апаў, як той падлётак на бусьлянку,
Азяблы, кволы і такі дурненькі...
 
Апрыкла ўсё, хутчэй бы Сакавік,
I, безумоўна, ён па даўняй дружбе
Гаспадару напомніць пра яе.
Якія ж дні ў вушанцы непаваротлівыя!
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2019. Беларусь, Менск.