Многа мінула год, Як завём свой народ, Як мы клічам яго Панам стаць сваяго. Песьням, казкам уняць, Старадаўні тон ўзяць, – Тую славу ўскрасіць, Што ў капцах ціха сьпіць. Путы, ёрмы пазбыць, Вольна й шчасна зажыць. Ды не ўчуў наш народ Гэты кліч з году ў год. А ў суседніх краёх Падымаўся, хто мог: І стары, і малы Йшоў на зоў грамавы, Новы шлях пракладаў, Будучыню каваў, Неумоўчна званіў, Што не ўмёр, яшчэ – жыў!.. Чаму ж ты не ўстаеш, К волі сьветлай не йдзеш? Ці ты волю забыў? Ці ўжо выбіўся з сіл? Ці напасьці цябе Не завуць к барацьбе, Што цярпіш многа год, Мой гаротны народ?!
1918
|
|