У лес прыціхлы ноч уваходзіць зноў, Вядзе за сабой страх паганскі і лесуноў. Возера на прагаліне па вачох разане – Ад зары гарачае, дагарае на кожнай сасьне. П’яны ад багуну, ступаю за страхам усьлед. Можна на момант забыцца на сьвет Далёкіх планет. ...Бары зьнікаюць, уцякаюць вадзянікі. Бабры ўцалелыя плачуць ля перасохлай ракі. У дубоў векавых адстае ад цела кара. I поўня на небе стыне апошняй сьлязой бабра. Планета над прорвай сусьвету вісіць, як над студняй вядро, Ад адчаю ядзернага халадзее ядра нутро. Я запаведнік зрабіў бы, дзе б жылі вясновыя сны, Вадзянікі і чэрці, русалкі і лесуны. Нашчадкі некалі вернуцца з самых далёкіх шляхоў, Чыстыя ад пылу зямнога і ад зямных грахоў, – Ім будзе незразумела, што такое зялёная цішыня, Адкуль была ў сэрцах прапрадзедаў наіўная дабрыня?..
|
|