РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Рыгор Барадулін
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Палескія ўражаньні

Уладзімеру Журовічу

 
Пускай свабодна лейцы,           
Пэгаса распражы –
Навошта каля Лельчыц
I лейцы, і гужы?
 
Ласі далёка трубяць.
Мядзьведзь ілбом у борць
Бабах
              і ў рэчку Убарць
Ахаладацца – боўць!
 
Пахілых дрэў задужжа
Над змрокам быстрака –
Нясе пяску задужа
Старанная рака.
 
Як нудных кавалераў,
Мяняе берагі.
Відаць, ніхто ня верыў
Вірам яе тугі.
 
Нам цэлы луг паслалі
Гасьцінныя дубы,
Хоць гавары з бусламі –
У іх мудрэц любы.
 
Вячэра пад дубамі.
Бязь юшкі – не яда.
Заскрэбчаш дно – дабавяць:
Ёсьць рыба, ёсьць вада!
 
Спачатку, на паспытак
(Аж сэрца пах заскроб!),
Ідзе сельгаснапітак,
Што ад усіх хвароб.
 
Над ціхімі дымамі,
Над Убарцю
Бяз слоў
Тост першы падымаем
За лельчыцкіх буслоў.
 
Вясной,
Зімой,
Увосень
Па даўняму шляху
Тут кожны бусел носіць
Пад кожную страху
Палешучкоў крыклівых
З высокага гнязда.
Для самых сарамлівых
I двойні не шкада!
 
Шафёр чытае вырак
Інспэктарам ГАІ.
I п’е падпольны лірык
За салаўя ў гаі.
 
А я – каб у мядзьведзя
Зь ілба сышоў гузак.
Памалу вечар едзе,
Як стомлены вазак.
 
Пяецца ўсёй бяседзе.
Даўно заход пагас.
Пасецца вольна недзе
Над Убарцю Пэгас.
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2019. Беларусь, Менск.