РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Рыгор Барадулін
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Гітара
470
Любе Грынчык

 

#I
Эстрадная рэспубліка
Усіх бярэ ў палон.
Для сэксуальнай публікі
Рыдае саксафон.
А няўжо гітара –
Музычная тара
I гі-
        тару – вон?..

 

#II
Патомнай цыганцы
Не прывыкаць па сьвеце цягацца,
Варажыць,
                      тугу варушыць
I – нічога ня вырашыць.
 
Спрадвеку зь ёй поўня ня спала.
Ёй маліліся чорныя ліўні –
                                                            юначыя грывы.
Пальцы лічылі
                                  медныя шпалы
Чорнай чыгункі грыфа.
 
Падалі зоры на шпалы роўныя,
Зьвінеў нябесны дах, –
Закаханыя пальцы сіваваронкамі
Дрыжэлі на правадах.

 

#III
Чырвоны гальштук павязаны
Гітары,
                як піянэрцы.
Шэпт чую пад вязамі
Па інэрцыі...
Шэпт абарваўся ў міг рыўка –
Нэрвы пацягнула рука:
З гітары сем яе
I зь мяне – усе мае.
 
Чарка прытанцоўвае,
Каб застольле заваражыць.
Гітара – цыганка мясцовая,
Па-тутэйшаму пачала варажыць:
– Піце, людзі, гарэліцу,
А вы, гусі, воду.
Тай ляцеце, шэры гусі,
Аж да майго роду...
Не варажба –
                              харашба!
Вольны голуб –
                                    голас
Ляціць за Шчару,
Яго даганяе гітара...
Я ня зводжу вачэй, раячы:
– Адпачы!
                      Дзе там!
– Дзед сеў на печы, на пячы,
Бабка на прыпечку, не вячэраючы,
 
Ашуканка-цыганка
                                            паціхеньку ходзіць,
Памагае дзеду
                                бабку ўлагодзіць:
– Што ж ты сядзіш, шчабятушачка,
Чаму ж не вячэраеш, мая душачка?

 

#IV
Эстрадная рэспубліка,
Моцны твой палон.
Ды плёнку рве разгублена
Маг маг-
                    нітафон.
Плёнку,
Як стужку ў цырку, каўтае
Запісвае
                  гітару...
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.