У жонкі ахвотна камандзіроўку Бяру я ў нядзелю на Камароўку. Вароты склыгочуць. Ні шуму, ні даўкі. Яшчэ заінелыя, стынуць прылаўкі. На іх дагараюць пад стогн галубіны I кропу прадвесьне, і прыпар рабіны. Агонь языкаты у бочках жалезных. Люблю, Камароўка, тваю незалежнасьць! Тут з даўніх часоў аддаецца даніна Законнай павагі рукам селяніна. ...Таргуюцца зь дзядзькам, гуркі паспытаўшы, Манумэнтальныя капітаншы. Паважная дама, На ўсьмешкі скупая, уважліва бульбіну калупае Ў чарзе неспакойнай становіцца першай, Забыла, што сьніла сябе міністэршай. I лысыя двое, былымі чынамі, Стаяць за лабатымі качанамі. На качарэжцы дзяўчына так лоўка Цану вызначае хімічным алоўкам, Нібы ў працьвярэзніку нумар на пятцы. Чарга падыходзіць – няма чаго пяцца. Кавун нападоймішча – хлопаюць хлопцы, Ну як пасьля ванны малому па попцы. Старая мяняе рубля каляжанцы. Тавар свой расхвальваюць азэрбайджанцы. Гранаты ляжаць сьцежалела, барвяна, Нібы капшукі, што грашыма напханы. На Ўсходзе нялёгкая праца ў мужчыны – Не разагнеш над прылаўкамі сьпіны. Успыхвае шалік у негра на шыі Агнём, што на дрэве не датушылі. ...З Малдовай іскрыстая дружба старая! I я ў мітусьлівым натоўпе ныраю. З дарогі знаёмай нікуды ня збочыш. Густое, заспанае, цэдзіцца з бочак Бычынай крывёю віно маладое. Хвала вінаграднаму сырадою! Манеты высьлізгваюць хітрай лускою, Кішэнь стала лёгкай, а шклянка – цяжкою. Каторая шклянка, ніхто не пазнае, Ня выдасьць ні бочка, ні восень пазная. Нясмачная бульба – куплю ў магазіне. Чаго баклажан нос паказвае сіні? Прапала кароўка – навошта вяроўка? Нашто мне авоська, скажы, Камароўка? ...Праспэкт павузеў, ды адбыта радоўка, На сёньня закончана камандзіроўка.
|
|