РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Рыгор Барадулін
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
*  *  *
Мая Радзіма – гэта там,  
дзе праплываюць самыя  
прыгожыя аблокі.
Жуль Рэнар
З-пад нахмураных броваў
дасьпелага жыта
палыхае блакіт азёр.
Край прыветлівы,
сэрцамі продкаў абжыты,
зноў спазьніўся –
                              прымаю дакор.
Васільковы спакой.
Смутак верасу сіні.
Палыновая памяць тугі.
Безь мяне на лугах
мурагі пакасілі.
Безь мяне стагавалі стагі.
Безь мяне да Пятра
венікаў навязалі –
узялі зялёны аброк
зь бяроз.
Адгуло,
адплыло маё лета вазамі –
звонкарэхае, я не зьбярог.
Белабрысага бору
распагоджаны вырыс.
Нізка дзікія гусі ляцяць.
Толькі дзіву даесься, –
калі гэта вырас
з камізэлькі сваёй бацян.
Засынае аер,
шлях курыцца далёкі.
Слонку хочацца клікнуць:
                                            – Вуць-вуць!..
Нават страшна дыхнуць –
маладыя аблокі
над Вушаччынай ціха плывуць.
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2019. Беларусь, Менск.