РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Рыгор Барадулін
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Матчыны песьні

#* * *
Удава –
Бяроза бязь верху.
Адной бедаваць
Да веку.
Удавіная –
Доля савіная:
Што ўхопіць,
Тое ейнае.
За ельнікам,
За бярэзьнікам частым
Абначавала шчасьце.
На ўдаву –
Бедную галаву,
Толькі злая слава.
Без сакала пава.
Кожная,
Як скала,
Хмары густыя.
Якая яснага сакала
Пахавала,
Ня знае.
Стыне
Пасьцель пухавая,
Вячэра сахарная...
Поле ўдоўчына
Мядзьведзь
Карчом арэць,
Барануець воўчанька...
Зялёнае поле
Засяваецца болем,
Родзіць лебядою,
Жнецца бядою...

 

#* * *
              Верабеечкі
              Чы-чы, чы-чы.
              А я, молада, ўсё плачучы.
              Ці харты пацямнё
              Бяды наяхкалі,
              Што сьвякроў у мяне
              Ніякая!
              Аблачынка падталая –
              Белая плотка.
              Сьвякроў загадала
              Рабіць работку.
              Рабіць работку,
              Ды не ў ахвотку –
              Сэрца баліць:
На моры бяліць
                                  палатно,
На лесе сушыць,
                                    каб было ладно.
На небе качаць –
                                      да зары канчаць.
У арэшак складаць,
                                          як пачне халадаць...
Палатно, лайно
Ад сьлёз намокла,
                                        я ж ня качачка плысьці па моры.
Не лютуй, ня злуй, сьвёкар-сівер,
                                                                          я ж ня сонейка хадзіць небам сінім.
Зашумі, дубровачка, як шумела ў маі,
                                                                                  я ж не вавёрачка – арэшкаў ня маю.
Сама пайду дарогаю,
Голас пушчу дуброваю.
Няхай голас галасуе,
Няхай мяне мамка чуе.

 

#* * *
Абняла вясёлка
Сем сёл
З прысёлкамі.
– Чаму, селязень,
Смуцен, невясёл,
Хіба лета золкае?
– А як жа мне быць
Вясёламу,
Не магу пазбыць
Свайго сораму.
Учора
Зьвячора
На моры быў,
Качачку сачыў,
Глыбіні зьлеціла
Лецейка.
На моры быў,
Качачку сачыў.
Сягоньня рана зьлёцела.
Хваля белая
У бераг плёхкала,
Холадам абдало
Крыло.
Каб далёкая –
Жалю б не было.
А то ж качачка ад мяне
На трэцім кусьце
Купаецца,
Ныраецца,
Мне, селязеньку,
Наругаецца.
Выграбалі весьляры
Мора ў сто вясёл.
– Чаму, хлопча, гавары,
Смуцен, невясёл?
– А як жа мне быць
Вясёламу,
Не магу пазбыць
Свайго сораму.
Учора
Зьвячора
У сватах быў –
Дзяўчыну запіў.
Заходзіла сонейка –
Суліла ясны дзень.
А мая зараначка сёньня
За другога йдзе.
Нездарма ўначы
Сава галёкала,
Гуло
Дупло.
Каб далёкая –
Жалю б не было.
А то ж дзяўчына ад мяне
На трэцім дварэ
Умываецца, выціраецца,
Мне, маладому,
Наругаецца...

 

#* * *
На куце,
Як на пакуце.
Хмель, што за сталом цьвіце,
З радасьцю пакумце!
Сяду я на куце,
Рукі закасаўшы.
Стаіць мілы на парозе,
Ён шапачку зьняўшы.
«Дзякуй табе, мая міла,
Што ня дужа біла.
Куплю табе гарчык мёду,
Конавачку піва...»
Я ўпілася на мяду,
Дамовачкі не дайду...
Ёсьць у мяне маладзец,
Ён дадому завядзець...
Малады табе ня роўня.
I ня знойдзеш горшага.
Дай жа Бог яму здароўя
З жабіны прыгоршчыкі!..
А зь цябе такой карысьці!
Пачакай – пацешу...
Шапкай боцікі мне чысьці,
Разьмятай сьцежкі.
Ды старайся, чорт рагаты,
Падмятай чыста.
Сьцежка колькі дзён да хаты
Западае лістам...

 

#* * *
Воды зьбеглі з гор.
Расталі гурбы.
Я ў цёмны бор
Пайшла ў грыбы.
Пахла апенькамі
У трох кашалях.
Я, маладзенькая,
У пір зайшла.
У пірушачцы
Смаляныя лавы ўсе.
А хай яго паляруш –
Загулялася!
У страха вочы па яблыку.
Дамоў ісьці пабаялася.
П’янае піва.
Госьці памоўклі.
Пяе певень –
Не йду дамоўкі.
Брага ў берагі
Б’е, мядовая.
Пяе другі –
I не думае.
Заняўся золак –
Я
Іду вясёлая.
Каб ня рыпнуць,
Адчыняю вароцечкі.
Мілы ў пярыне
Варочаецца.
Не падымае воч,
Пытаецца:
– Дзе была ўсю ноч,
Шалтаіца?
– Мой міленькі,
Пад лавай
Шукаеш тапор.
Усю ноч спала
За табой.
Ці ты па вясьне
Адурачыўся,
Што ўсю ночку ка мне
Не абарачваўся?..

 

#* * *
Сакалы за сталы заляцелі –
Госьцікі мае залаценькія.
Галубкі, галубачкі,
Не выбіраю на любкі,
Усе вы любыя.
Чым жа вас частаваць,
Чым жа вас вельмаваць?
Боб, гарох не малочаны,
На ток не валочаны.
Качан капусты на лясе,
Верабеечка ў страсе.
Боб, гарох абмалачу
Ў мужыка на лабяку,
А яшчэ, як захачу,
Лайдаку дапяку.
Будзе з хмару хлеба луста,
Прыхініся, кум, баком.
Будзе тлустая капуста
Зь вераб’іным кумпяком.
Будзе гэта, будзе гэна,
Будзе пара, будзе пена.
А пакуль што сакаламі
Пасядзіце за сталамі!

 

#* * *
Пайшоў казёл у гарод,
Шкоды натварыў на год.
А вытаптаў бел часнок,
Быццам тупаў у шэсьць ног.
Усе дуды кіну-рыну,
Павяду казла на рынак...
Колькі тае прыбылі –
Прадала за тры рублі.
На руб куплю бяліла,
А на другі – чарніла,
Румянаў на рэшту,
Буду, як нявеста.
Зеляней, шумі, явор!
Як на ліха муж на двор.
Перапытвае сурова:
– Чаго, жонка, чарнаброва?
– Лучыначку паліла –
Бровы агнём схапіла.
– Што ж такая белая?
– А я муку сеяла.
Кепскі зь цябе мукамол.
– А дзе ж, жонка, наш казёл?
– Пайшоў казёл на гару,
Скруціў сабе галаву.
– А калі ж у нас гара
Вырасла сярод двара?
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.