РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Рыгор Барадулін
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Сакольнік
Успыхнула роднае слова падлёткам
Зь цёплых далоняў матчынай песьні.
Падлётка прыціхлага і нясьмелага
Прылашчыў за пазухай хлопчык Максімка.
Вучыў яго вышыні не баяцца,
Крылы свае давяраць
Хмарам, вятрам сустрэчным...
Падлётак сьмялеў і лётаў
У вырай, у край сінявокі,
Што Беларусьсю зваўся.
Вяртаўся ў горад над Волгай –
I пахлі ўздужалыя крылы
Самлелым аерам Наддзьвіньня,
Трывожнай зарой Наднямоньня
I косамі сьвіцязянак...
Як зьдзіўлены быў блакіт,
Калі з пляча юнака Максіма
Да сонца вольны птах ускрыліў –
Зь ім цяжка было сагнацца
I ўладарам захмар'я.
 
Паклон табе, горды Сакольнік
Беларускага крэўнага слова,
Беларускага вечнага слова,
Што ты заручыў яго зь небам.
Дзякуй,
                Максім Багдановіч!
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2022. Беларусь, Менск.