Па Даўгінаўскім гасьцінцы
|
Менск – Акопы
Пусьціўшы дома пагалоску, Што я нядуж, лячыцца час, – Пакінуў горад, еду ў вёску Набраць здароўя на запас. Трухкоча брычка па дарозе, – Сам Разымблюм за фурмана, – Мяне ж падкідвае на возе Ад ям, калдобін і канаў. Дарогі нашы, ой, дарогі! Былі няважны для язды, – Цяпер сам чорт паломіць ногі, На хвост нагоніць верады. Ах вы, шляхі!.. З гары на горку Кульдык-кульдык, то ўвысь, то ўдол; Зьбярэсься з думкай на гаворку, А тут пад зад цябе вандол... Конь пазірае ўбок з укоса На плех мурожны пад кустом Ды круцідь-верціць пад сам носам, Як той кадзільніцай, хвастом. Абапал высяцца прысады, А дрэвы пэўне па сто год – Было іх больш, дый далі рады: Працерабіў іх свой народ. Гляджу на звалены бярозы, – Маркотна думкі пацяклі: Змаглі вы буры і марозы, Людской сякеры не змаглі. А людзі? Ведама, як людзі, Як кожны наскі чалавек: Садзіць сягоньня тое будзе, Што ўчора так нядбала сьсек. Бяжыць пад коламі гасьцінец, Бягуць прысадзіны назад. Вакол бясконца сьвет-дзядзінец, Палеткі, вёскі, лес, як сад. Знаёмы гэты мне шлях родны, – Даўгінаўскі вядомы шлях! Які нёс годных і нягодных На векавых сваіх плячах. З Даўгінава ў Менск балаголы Па ім, бывала, дзень у дзень... Ад дзёгцю пах, скрыпня ад колаў, Шум ад людзей... І ўсё, як цень! Як сон нязбытай абяцанкі... Заціхнуў шлях, як птах зімой, Цяпер даўгінаўскай фурманкі Ты не спаткаеш, браце мой! Ты не спаткаеш стуль суседа, А мо’ й матулі з вас які... Былі сваймі у шчасьці, ў бедах, – Цяпер чужыя чужакі. Ды ані вестачкі адтуля, І нібы сам адтуль далей, Адно пачуеш, як зязюля Кукуе там, як і даўней. А воўк завые – адгалоскі Лятуць сюды, калі дзень ціх, Як бы і воўк адгэтуль вёскі Забыць ня можа там – у іх. Для птушкі вольнай і для зьвера, Як і для думкі – ўвесь ім сьвет! Для іх ня ўпішаш на паперы Ні меж гранічных, ні пікет. Калісь мы ў Рыгу збожжа везьлі, Цяпер зямлі завезьлі часьць... Але ж куды мы, думка, ўлезьлі? Глядзі, наклічама напасьць! Ану, мой косю! Што там? Пустка... Вярні з гасьцінца ўбок гужом! Бо далей – «пропуск», і... «пшэпустка». Стань, Разымблюм! Акопы ўжо!
1926
|
|