Ёсьць жа яшчэ ў мяне сіла Крыўдзе ня дацца, змагацца, Над сьпячых продкаў магілай Вольна маланкай мігацца. Ёсьць жа яшчэ ў мяне сэрца, Поўнае шчырых жаданьняў, Якое перш разарвецца, Чымся любіць перастане. Ёсьць жа яшчэ ў мяне песень, Поўных надзеі, жыцьця, – Як бы ні быў ім сьвет цесен, Вырвуцца ў сьвет зь небыцьця. Ёсьць жа яшчэ ў мяне вера Ў вольны мой родны народ, Што – у патрэбе – зь сякерай Выйдзе за волю ў паход! Ёсьць жа яшчэ... Ну, а людзі? Сябры-суседзі тут, там? Вы – непадкупныя судзьдзі, Што ж яшчэ хочацца вам?!
1926
|
|