РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Рыгор Барадулін
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Вогнепаклоньніца
380
Спакой нізінаю цячэ,
У вечар сьцежка ў руце-мяце.
А вогнішча гарыць яшчэ
Самаахвярнае, як маці...
#З радкоў памяці

 
Мама мая хрысьціянкай зжыла,
З богабаязнай душою, іконьніцай.
Ды, вернападдадзеная сьвятла,
Болей была яна
Вогнепаклоньніцай.
 
Зьвідна карміла агонь з рукі,
Яму выбірала кавалкі ласыя –
Бяросту,
Крамяныя смалякі.
Ёй полымя пальцы лізала з ласкаю.
 
Пераважна звала агонь
Цяплом –
Гасіла цяпло,
Цяпельца разводзіла.
Назалеўшыся над бяззубым кублом,
Чакала цёплага сьнегу малодзіва.
 
Як гняўлівых суседзяў якіх
На куцьцю
Перуна,
Маланьню
Запрашала велічна.
I, ўдзячная за неспакой жыцьцю,
Ахвярна
Лучынкі скіпала вечарам.
 
Іскрынкі разьдзьмухвала на далані,
Нібы ад мякіны адвейвала зерняты.
Штодня да агню,
Да гарачыні
Былі і падумкі, і вочы зьвернуты.
 
Ад дыму ў чалесьніка цьмела чало,
Печ
Небу ўздавала пашану ахвярную.
I полымя болю маму ўзяло –
Растала, як папялінка, за хмарамі.
 
Каб на сівярах не марозна было,
Каб зьбілася з ног сьнегавеяў коньніца,
Пакінула мне на зямлі
Цяпло
Акуліна Андрэеўна –
Вогнепаклоньніца...
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.