РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Рыгор Барадулін
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Чорна-белы напамін

Генадзю Бубнаву

 
Чорнагаловікам з-пад сьнегу
Выточваўся з пасьлявайны
Я, школьнік-вачапор спазьнелы,
Грымот і цішы сувязны.
Яшчэ хапала галавешак,
Яшчэ хапала чарнаты,
I падаў
Белы сьнег на ўзьмежак,
Чарнеючы ад нематы.
Ад згадак мама палатнела,
Чакала белага ліста
Штодня зь няўмольнага аддзела.
Імжа люцела
Ці ляцела
У вочы маміны траста?
Багатаю для райпасёлка,
Для выпаленай стараны
Была на колеры вясёлка.
Нібыта крама да вайны.
На дамавіну дошкі столяр
Стругаў, бо аднагодак мой
На міну стаў.
I стружак колер
Зьліваўся зь белаю зімой.
На чорным фоне дошкі кляснай
За крэйду быў я сам бялей.
Лядок неасьмялелы клаўся
На адсмылелы сьлед саней.
Балюча вочы кроў калола.
У дзірках зор
Начы радно.
Скупое ўсё было наўкола,
Як чорна-белае кіно.
Ён чорна-белы,
Колер волі.
Адпалымнею, адсмылю –
Белагаловым дай мне, доля,
У чорную сысьці зямлю.
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.