РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Рыгор Барадулін
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Даверлівая баляда
Ведаю,
Нетактоўна,
Можа, й ня ўсё да ладу,
Ад праведніцкіх паглядаў
Будзе папрокаў шмат;
Ведаю,
Ды ўсё роўна
Я пачынаю баладу,
Баладу пра рускі мат.
 
Гэта было ў Вушачы –
У партызанскай зоне.
У досьвітак сорак чацьвёртага
Блакадны грукаўся май.
Прысак дарог гарачы
Ногі пячэ і сёньня.
Хламідзінка з корту пацёртага,
Жудасьцю не абдымай!
 
Было гэта там, каля млына.
Рачулка яшчэ не зьмялела.
Жанчыны і мы, малеча,
Выпаўзьлі ў змрок раўка.
Годам здалася хвіліна,
Страляніна змоўкла нясьмела.
Ціша ўтуліла плечы,
Гатовая да рыўка.
 
Гэтай хвілінай, магчыма,
Як я разумею зараз,
Бацька быў толькі што ранены,
Мох потым крывёй дамок.
Ня ўдоўімі йшчэ вачыма
Мама глядзела на зарыва:
Ад бацькавай хаты ўраньні
Дадымліваўся дымок.
 
Блакада недзе канае.
Танкі загрузлі ў рэчцы.
Чые – невядома ў цемры.
У горле смыліць сухамяць.
Разьбілася ціша шкляная,
Калі нечаканае ўрэшце
Ракетаю слова ўзьляцела
I ахнула – «ммать!» – не ўтрымаць!
 
– Нашы!
Дарэмна ўстрашэлі.
Радасьць, усіх абнашчы!
Сініцы ці кулі ценькалі?
Як тыя гуркі на лясе,
Малыя драмалі ў траншэі.
Чаканае слова:
                                  – Нашы!
– Якія ж вы маладзенькія! –
Абдымалі танкістаў усе...
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2019. Беларусь, Менск.