РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Рыгор Барадулін
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Бутаўшчына
Землякі мае
Сьпяць у зямлі –
Адышлі,
Засталіся ўспамінамі.
У зямлю ўсё сваё ўзялі,
Мне маё
На зямлі пакінулі.
 
Зь імі ціша і дабрыня,
Неспакой і згрызня
Са мной мае.
З-пад упірыстага караня
Шум прабіўся
У неба мройнае.
 
Ад журбы пасівела мудрэй.
Не сьпяшаецца вечнасьць
З адплатаю.
Адскакаў сваё
Дзядзька Андрэй,
Цётка Вольга
Сваё адплакала.
 
Адпілікаў на скрыпцы
Піліп,
Засталася бяз Грышкі
Грышчыха.
Скрып вятроў
Ды адчаю ўсхліп
Над вясельлямі,
Над ігрышчамі...
 
Памянуўшы маму маю,
За сяброўкай пайшла Апёнчыха
Быць спагадлівым
Сівер малю,
Не наблытаў хаця каб ён чаго.
 
Удава ля ўдавы.
Мужчын
Пагубляла па сьвеце
Войнамі.
Безыменны
Іхні спачын
Узышоў недзе зёлкамі,
Хвоямі.
 
Боль жыве
Па Гайках, па Ваўчах –
Вытыркаюцца вёсак скабіны.
Разанула спакой па вачах
Павучынкаю
Лета бабіна.
 
Сьцежкі лёсу
Усіх зьвялі.
Крэўнасьць
Склала трывалымі рэдзямі.
 
Нам ляжаць
У адной зямлі –
Будзем зноў, землякі,
Суседзямі.
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.