Мае спадзяваньні і мары усе, Як дым у блакіце, расталі. Ізноў адзінота, як сябра-сусед, Мяне кліча-вабіць у далі. Ды шляхам адвечным маё йдзе жыцьцё, Гайдае, як чайку на хвалях. Я зь ціхай мальбою далоні прасьцёр: Заву сваю песьню з аддаляў. Яна, як сяброўка, ідзе да мяне І ласкава зорыць у вочы; Ня кратае ранаў душы, не кляне, А мне аддаецца ахвоча. І зь ёю нуда маё сэрца ня сьсе, І чары ка мне завіталі, І мары мае, спадзяваньні усе, Як вырай, вяртаюцца з даляў.
17.II.1946 г.
|
|