РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Франьцішак Багушэвіч
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Воўк і авечка
Злавіў воўк ягнятка
I панёс жывое!
Плачуць сын і матка,
Як бабры, абое.
Воўк над маткай зьлітаваўся,
Як які аконам,
У аўчынку перабраўся
Ды ідзець з паклонам.
«Прыйшоў, – кажа, – я здалёчку
Расказаць пані авечцы
Добру вестку аб сыночку, –
Як яму цяпер жывецца.
Не пазнала б ты ніколі,
Такі стаў дасужы
I жывець сабе на волі,
Безь бяды, бяз нужы.
Зубы вырасьлі з клыкамі,
I адпалі рожкі,
Ножкі цяпер з пазурамі,
Хвост даўжэйшы трошкі.
І ўжо воўка не баіцца,
Ў хлеў ніхто ня гоне;
Мае чым абараніцца
I другіх бароне!
Прыйдзі, імасьць, да нас ў госьці,
Справім сабе вечарынку:
Будзе мяса, будуць косьці,
Будзем есьць без адпачынку!»
«Дзякуй, дзякуй, ягамосьці,
За весьці такія!
Няхай прыйдзе сын у госьці,
Пагляджу, ці вые?
Бо, кажуць, меж вамі
Трэба выць ваўкамі.
Я ж па-воўчу не умею
Ні выць, ні есьці, ні лгаць.
Ды скінь скурку, дабрадзею,
Бо зубкі відаць».
I авечка, хоць дурная,
А воўка ж пазнае!
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2021. Беларусь, Менск.