РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Франьцішак Багушэвіч
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Мая хата
Бедна ж мая хатка расьселася з краю,
Меж пяскоў, каменьняў, ля самага гаю,
Ля самага бору, на беражку лесу;
Ніхто тут ня трафе, хоць бы з інтарэсу.
Як няма гарэлкі, няма куска хлеба,
Дык які ж інтэрас, каму сюды трэба?
Да хоць няма хлеба, жабраваць ня буду,
Пражыву як-кольвек ад працы, ад труду!
 
Кепска ж мая хатка, падваліна згніла,
I дымна, і зімна, а мне яна міла;
Ня буду мяняцца хоць бы і на замкі –
Калок свой мілейшы, як чужыя клямкі.
На страсе мох вырас, на маху бярозка.
Мільшая мне хатка, як чужая вёска.
 
Сваталі ж мне ў прыймы у новую хату,
На зямлю ражайну і дзеўку багату;
Буду жыць, казалі, як які пасэсар,
Езьдзіць парай коні, як сам пан асэсар;
Да мне даражэйшы вугал гэты гнілы,
Камень пры дарозе, пясок ля магілы,
Як чужое поле, як дом мураваны! –
Не аддам за сурдут каптан свой падраны.
 
Клікалі ж у госьці і клічуць суседзі –
Не пайду, ня трэба, бо, кажуць, заедзі
Ад чужога хлеба губы абсядаюць,
Што чужога прагнуць, то сваё кідаюць.
Я ня кіну хаты, хоць вы мяне рэжце,
Не пайду да вас я, хіба у арэшце.
А хоць сілай навет адарвалі б з дому,
Калісьці вярнуўся б, як мядзьведзь да лому.
Заваліцца й хата, зарастуць пакосы,
Усё б я вярнуўся, хоць голы да босы!
 
Насек бы бярвеньняў, нацягаў бы моху,
Зноў бы склеціў хату як-кольвек патроху,
Зрабіў бы камору, выкаваў бы жорны, –
Усё ж свой хлеб еў бы, хоць бы сабе чорны!
Ну дык жа адстаньце, нашто я вам трэба:
Ці каб ваш хлеб есьці, ці рабіць вам хлеба?
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.