РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Рыгор Барадулін
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Яго Высокасьць
Яго Высокасьць
Тэлеграфны слуп,
Адзервянелы ў аднастайным гудзе.
Ён з вышынёй узяў нябесны шлюб,
Зь лясной гушчарні выбіўся на людзі.
 
У доўгіх аксельбантах правадоў,
Ад чашачак заслуг увесь зіхоткі.
Там, на прагалах,
Лезуць аднагодкі
Да сонца,
Не шкадуючы сукоў.
 
Зь яго зьнялі
Карэлую кару.
Дазволілі стаяць насупраць лесу.
Гніе ў зямлі,
Ды цягнецца ўгару,
Як непасрэдны праваднік прагрэсу.
 
Крутая служба
У кадравіка:
Гудзе ў мароз,
Скіпаецца ў сьпякоту.
I ўспамінае, як, здаравяка,
Яго на руме ўскочвалі з пакоту.
 
Ад год маіх малых
Яму хвала!
Слуп тэлеграфны
У гарод калісьці
Прыйшоў – і нашу хату да сьвятла
Ён прычасьціў,
Каб прыцемкі зьвяліся.
 
Яго браты
Наш паднавілі зруб.
Ані забыць мне радасьць маладую,
Яго Высокасьць
Тэлеграфны слуп,
Высокіх слоў яму не пашкадую!
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2019. Беларусь, Менск.