Ашчэрыцца пасьпееш, лёх, Не разьмярзай, зямля сырая! А недзе ўжо на небе Бог На свой гадзіньнік пазірае. Ня мог, ня змог, не дапамог... Я пастаяў ля небакраю. А недзе ўжо нэрвова Бог На свой гадзіньнік пазірае. На цень мой водцень смутку лёг. Я адганяю злую зграю. А недзе, мне здаецца, Бог На свой гадзіньнік пазірае. А мне б у торбу ўзяць пірог I аж да веснавога граю Ісьці, Каб стаць на свой парог, Нібыта на прыступак раю, Пасьпець, Пакуль ласкавы Бог На свой гадзіньнік пазірае.
|
|