РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Рыгор Барадулін
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Да беларусаў сьвету
Беларусы ўсіх краёў, яднайцеся!
Нас няшмат, а будзе менш яшчэ,
Як адступім, зломімся пад націскам,
Як ад нас рашучасьць уцячэ.
 
Праз усе вякі нас толькі ціснулі
I хадзіць хацелі як па тлі,
Нас душылі волгамі і вісламі,
Кожны тужыў зашмаргу пятлі.
 
Нас турылі з Бацькаўшчыны, зь Дзедзіны,
Нам, панам крывіцкае зямлі,
Котласы, Чарнобылі адведзены,
Маем права мы на мазалі.
 
Нас палілі, катавалі, праталі,
Малацілі нас, нібы кулі,
Каралі, забойцы, імпэратары
I бацькі працоўных мас,
Калі
Беларусь, як палатніну, кроілі
На мундзіры ды на каптаны,
Каб магілы з нашымі гэроямі
Уціскалі валуны маны.
 
Над сьвятынямі пазруйнаванымі
Паклянемся дбаць пра карані.
Будзем Янкамі, а не Іванамі,
Што ня ведаюць свае радні.
 
Працавалі мы на ўсе імпэрыі,
Папрацуем на сябе, браты.
Дык адродзімся душой і вераю.
З намі Бацька Бог
I Дух Сьвяты!
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2019. Беларусь, Менск.