РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Ларыса Геніюш
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Запяі мне песьню
Запяі мне песьню не зь мяшчанскіх вулак,
        не зь вялікіх сцэнаў, не з эстрад,
запяі мне тую, што я сэрцам чула,
        калі асыпаўся белы сад.
Запяі мне тую, што пяяла няня
        над калыскай, доўга не сплючы,
ці аб безнадзейным маладых каханьні,
        што трывожыць сэрца уначы.
Не хачу навінаў з шырокага сьвету –
        пуста майму сэрцу, цесна ў ём,
можа помніш песьню, што пяяла летам
        маладая жнейка за сярпом.
Ці мо’ помніш тую, аб ліхім прыгоне,
        з-пад навіслых сумна нашых стрэх,
што пяялі хлопцы, як вадзілі коні
        месячнаю ноччу на начлег.
Запяі мне песьню нашу, не чужую,
        з шматгадовых гоняў ды бароў,
што я сэрцам вечна на чужыне чую
        сярод думаў зорных вечароў.
 
1943
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2019. Беларусь, Менск.