РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Ларыса Геніюш
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Дзед
Была ў дзеда дудка,
Была ў дзеда люлька,
Была ў дзеда падружанька
Сівая бабулька.
Дудачка іграе,
Сэрца пацяшае,
А закурыць дзедка люльку –
Гора забывае!
Цешыць дзедка дудку,
Цешыць дзедка люльку,
Клапоціцца ля яго
Сівая бабулька.
Усё суседзі хочуць зваць...
Раз, кругом пасеўшы,
Сталі ў дзедачкі пытаць,
Хто яму мілейшы.
Дзядок кажа – дудка,
Бабка кажа – люлька...
Людзі думаюць сабе:
«Ой, мусіць, бабулька!..»
Усё ж ніхто ня мог пазнаць
Дзедавай натуры,
Места праўду адказаць –
Толькі люльку курыць.
Усё ад раніцы гудзе,
Усё на дудцы йграе,
А на бабку – прыйдзе дзень –
Увагі не зьвяртае.
Ускалыхнуўся цэлы сьвет,
Б’юцца людзі-брацьця,
Ціха толькі дзед жыве,
Хваліць Бога ў хаце.
Толькі шчасьце у людзей
Доўга не трывае,
I да дзеда адзін дзень
Сьмерць прыйшла ліхая.
Дзеда дома не было –
Ён з дудой і люлькай
Пайшоў рана на сяло,
Пакінуў бабульку.
Бабка сьцяміла, што ёй
Сьмерць дзядочка скосіць...
Паківала галавой,
Гэтак сьмерці просіць:
– Места дзеда лепш мяне,
Сьмерць, вазьмі, ліхая!..
Хай дзядок яшчэ жыве,
Хай на дудцы грае!
Мае радасьці ён тры,
Я ж з усіх найменша,
Дык мяне ты забяры –
Дудачка пацешыць!
А для сьмерці ўсё адно:
Душаньку хацела,
Дзед ці баба ж не відно,
Бо душа бязь цела...
Ды, забраўшы бабін дух,
Паляцела далей,
Бо другія ўжо вакруг
Там яе чакалі...
Ой, прыйшоў дзядок дамоў,
Не жыве бабулька...
Не хапіла ў дзеда слоў,
Пакацілась люлька...
– Ах, бабулька, – плача дзед, –
Чаму ж не паждала?
Пацямнеў мне цэлы сьвет,
Як цябе ня стала...
Сеў ён сумна ля вакна;
Заіграла дудка,
Сумна плакала яна,
Ды й замоўкла хутка...
Ўжо ня будзе болей граць,
Люлька дагарэла...
Прыйшлі людзі ды глядзяць –
Без душы ўжо цела...
Другім страшна, як памруць,
Дзед памёр іначай.
Поўна радасьці у твары –
Ён бабульку ўбачыў...
Любіў дзедка дудку,
Любіў дзедка люльку.
Усё ж мілей за ўсіх была
Сівая бабулька.
 
1943
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.