РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Ларыса Геніюш
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Яшчэ ня час...
Яшчэ ня час і я яшчэ ня ценем
ізноў жыцьцёвы разьбіваю стан,
яшчэ ня час, яшчэ паведамленьня
аб маёй сьмерці вецер не паслаў.
 
Яшчэ ня час, хоць восень горка плача,
і да зямлі бярозам косы гне,
у глыбокай цьме канца жыцьця ня бачу,
і гэты жаль васеньні не па мне.
 
То не па мне асіны ломяць рукі,
ў паўночных ветраў просячы цяпла
асеньні дзень канае доўга ў тучах,
і горкі дождж сьлязьмі кранае шкла.
 
Яшчэ ня час, хоць хочацца спакою,
як гнаны ветрам на чужыне лісьць,
прыпасьці б так, гарачай галавою
на вечны сон, да роднае зямлі...
 
Яшчэ ня час, яшчэ то бездарожжа,
бяздольных больш як у маім сэрцы ран,
трэ’ песьні віць для іх із польных рожаў,
успаміны ўзьняць, няхай агнём гараць,
 
і цешаць тых, якіх ня цешыць неба.
Уплятаю сэрца разам у вянок,
і у цемру дзён, гдзе шчырай песьні трэба,
пашлю і я крылатую здалёк.
 
Яшчэ ня час прасіць у Бога сьмерці,
калі ў бядзе чакаюць брацьця нас,
калі ня згас агонь дабра у сэрцы
для родных ніў, дык паміраць ня час...
 
Ясьнейшых дзён у Бога дачакаем,
і пройдзе час нялюбасьці і зла,
О, знай тагды што для Цябе мой Краю
мой шматпакутны, для Цябе жыла...
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.