РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Ларыса Геніюш
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Брату Р.
Ты казаў калісьці: не сумуй, сястронка,
над пакутным Краем зьлітуецца Бог.
Барані і цеш Ты родную старонку,
а я буду бацькаў сьцерагчы парог.
 
Ты казаў: пяі нам соладка і звонка,
раскідай праменьні жменямі наўкруг,
я-ж з усходам сонца роднай баразёнкай
весела сталёвы пакірую плуг.
 
Да Радзімы-маці разбудзі каханьне,
запалі сэрцы вольнасьці агнём.
Хай народ прачнецца, хай зь няволі устане,
я ж засею гоні залатым зярнём.
 
Ты гары натхненьнем для братоў, для краю,
ахвяруй ім душу палкую сваю.
Я ж з дзікой Сібіры сэрцам прычакаю
і сустрэну хлебам родную сям’ю.
 
Не згадаў ты долі, наймілейшы браце,
горыччу бязьмернай пакараў нас Бог,
не вярнецца бацька, не вянецца маці
із зямлі сырое на пусты парог...
 
Ня ўціх над сьветам зьдзек пакутаў люты,
у збураных руінах не спыніўся бой,
мне на душу ўчора налажылі путы,
а цябе прыкрылі чорнаю зямлёй.
 
Не змаглі мы гора, сокале, з табою,
плача маё сэрца, стогне цэлы край.
Паплыве у Нёман кроў яшчэ струёю
із народных ранаў... Ах, бывай, бывай!!!
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.