РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Ларыса Геніюш
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Ударыў вецер
Ударыў вецер халоднай завеяй
проста у вочы, у сэрца, у твар,
спарахнела на векі падзея,
пахіснуўся сьвяты мой аўтар.
 
Мілы Божа дык я-ж ня устою,
глянь, заместа зялёнай мяжы,
места роднай сям’і прада мною
як расьпяцьці, самыя крыжы.
 
I над доляй пакутных субрацьцяў
не галосяць свабодай званы,
а народ ізноў ідзе па расьпяцьце
і гучаць, у цішыне кайданы.
 
У безнадзеі пакутных часін,
грозных ўзрываў нягоднага болю,
цяжкі жаль расплываецца ўсінь
ў хмары сьлёзаў цярпеньняў бяздольных.
 
Каб у пору апасьці далоў
звонкім градам адплаты і сьмерці,
на ўбогасьць туманных галоў,
што паранілі людзкасьці сэрца.
 
Каб прыпомніці злым і слабым,
што ёсьць моцы людзкое граніцы,
і што зло не разьвеецца ў дым,
а вярнецца назад навальніцай.
 
Дзень і ноч, і жыцьцё ёсьць, і сьмерць,
жар і холад, і восень, і лета,
ёсьць тыраны пакрыўджаных сэрц,
ёсьць і помста страшная за гэта.
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.