РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Ларыса Геніюш
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Лес
Не было журботна ў лесе:
Кожны жыў там, як хацеў,
Ад птушыных, весніх песень
Лес на ўсе лады звінеў.
Пахаджалі там лісічкі,
Бегаў зайчык невялічкі,
Праляталі там арлы
Ды праходзілі зубры.
Хораша было усім —
I дарослым, і малым.
Раптам з поўначы, здалёк.
Там з'явіўся страшны воўк
I сказаў:
— Цяпер, звяры,
Я начальнік у бары.
Будзь тут кожны паслухмяны!
Каб не беглі на паляны
Быстраногія казулі!
Каб мядзведзі карак гнулі!
Каб не швэндаліся зайцы —
Галадранцы, пабягайцы!
Зубр жа, хоча ці не хоча,
Хай, як я, раве па-воўчы!

 
Не жывуць звяры — бядуюць,
Свайго голасу не чуюць.
Пушча днём раве і ўночы
Адной нотаю — па-воўчы.
Хто ж уздумае іначай —
Болей сонца не пабачыць.
 
Бег па сцежачцы Алесік...
Не чуваць птушыных песень.
Сціхлі дрэвы і кусты.
Лес без птушак, лес пусты.
Лес стары зусім замоўк,
Толькі ходзіць шэры воўк,
Злосна ляскае зубамі
Ды ўсё сварыцца з зубрамі:
— Што за нораў недарэчны —
Не грызуць слабых авечак,
Толькі лісцейка скубуць,
Па-зубрынаму равуць.
 
Воўк завыў на цэлы лес:
— Бачыце, ідзе Алесь!
I ён будзе мне служыць!
Так, як я, па-воўчы выць!
 
Тут Алесь схапіў дубіну,
У ваўка з размаху кінуў,
Закрычаў:
— Зубры-сябры!
Ўсіх склікайце, хто ў бары!
Зубы вострыя і рогі —
На ваўка! —
Воўк — у ногі,
Ды зубры яго схапілі
I на рогі падчапілі.
 
Зноў спакой настаў у лесе.
Салаўі пяюць Алесю.
Скачуць весела вавёркі.
Пакаціўся вожык з горкі.
На паляне песні, гулі.
Скачуць спрытныя казулі.
Прыляцелі жураўлі.
Птушкі селяцца ў галлі.
Весялей плыве рака.
як даў воўча драпака.
Зноў пяе вясела лес.
Не нацешыцца Алесь.
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.