РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Ларыса Геніюш
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
*  *  *
Мой мілы, не пішы мне болей
пра наша шчасьце і жыцьцё,
пра тое, што цябе няволіць
маё, як бура, пачуцьцё.
 
За гэта ўсё, як  нагароду,
з душы цьвярозай і ў агне
даю табе адно – свабоду,
свабоду, але безь мяне...
 
Жыцьцё табе падносіць чару
з шчасьця ілюзіямі няраз.
Пакінь трывожачыя мары
і нерэальнасьць у цяжкі час.
 
Мне трудна заспакоіць смагу,
ня п'ю бурды.
                                Ты ж хочаш – пі
віно, атруту, горыч, брагу.
У цярпеньні болей не цярпі.
 
Каб кроў ня пенілася дарам,
гасі чым будзь праменны жар,
пакінь трывожачыя мары
для тых, хто толькі п'е нэктар.
 
1954
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.