РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Ларыса Геніюш
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
*  *  *
Краіна любая, ня плач сьлязьмі крывавымі,
надзеі нашае ў няволі не губляй!
Мы сілай мужнаю Цябе яшчэ праславім,
засеем воляю пад новы ўраджай.
 
Праменьмі выйшлі мы змагацца зь сілай чорнаю,
праменьмі яснымі кіруем сонцу ўсход.
Заўсёды гордыя, як праўда, непакорныя,
праменьмі пойдзем мы грэць змучаны народ.
 
Прайшлі мы тундраю, прасторамі сьцюдзёнымі,
гублялі маладосьць пад ломам і кіркой, --
каб хмары разагнаць над нашымі загонамі,
каб устала сонейка над нашаю зямлёй.
 
Капалі вугаль мы далонямі мазольнымі,
капалі долы мы для брацьцяў дарагіх,
што палі юнымі ў жыцьці, ня быўшы вольнымі,
злажылі голавы ў змаганьні за другіх.
 
Мы імя гордае і косьці іхны братнія
Айчыне прынясем у змучаных руках,
і схілім голавы над іхнымі астанкамі,
і схілім бел-чырвона-белы сьцяг.
 
Ня плач, Каханая, вятрамі прыдарожнымі,
сьлязамі мацярок, пакінутых дзяўчат.
Прыйдзем мы верныя, заўсёды пераможныя,
вернемся з воляю да нашых любых хат.
 
Адступяць ворагі прад волі нашай сілаю,
на векі вечныя пакінуць наш парог.
З калень падымямо Айчыну нашу мілую
і будзем зь ёю мы, а з намі будзе Бог.
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.