РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Франьцішак Багушэвіч
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Гдзе чорт ня можа, там бабу пашле
Адзін мужык ды добра з жонкай ладзіў,
А гэта ж чорту ў горле косьць,
I што ён толькі ні рабіў, – ня звадзіў,
I немарасьць бярэ і злосьць.
Чорт з хаты вон ідзе, хвастом трэ вочы;
Жаль душ яму, а навет стыд;
Ня раз ня еўшы быў, ня спаўшы ночы,
А скутку ніц – сабе абрыд!
      Калі глядзіць, шкулдык, шкулдык бабуся,
Якраз у тую вёску йдзець;
Чорт думае: дай бабе пакланюся, –
Яна іх пэўне разьвядзець?
Прад бабай чорт такім харошым стаўся,
Аж вышчырыўся бабін клык.
Чорт жаль свой расказаў і абяцаўся
Даць бабе пару чаравік,
Як толькі муж ды жонку аддубасе,
I прысягу па-свойму даў;
А баба внэт за дзела узялася!
(Чорт бабу, пэўне, добра знаў
Яшчэ тагды, як яблык крала Эва
У раі божым, гдзесьці там,
З таго праклятага праз Бога дрэва,
Што празь яго прапаў Адам!)
      Вот бабка зараз шусьць да жонкі на сакрэты,
Давай хваліць: што добра так жывуць,
Што рэдка гдзе такой знайсьці кабеты,
А лепшых дык нігдзе ня чуць.
А можна бы і лепей навет жыць,
Каб жонка ведала сакрэт,
Умела як на тое варажыць, –
Яшчэ бы лепшы стаў ёй дзед!
«Ёсьць у мужчын на самым гарляку
Грубейшы валасок адзін;
Як сьпіць, – згалі яго, дык будзе да вяку
Слухмяны для цябе, як сын!»
      Тут бабе жонка надала што мела,
I баба з Богам выйшла вон,
А жонка з радасьці і полудня ня ела, –
Што век жа будзе добры ён!
      Мужык гарэ, а блізка ля мяжы,
А баба міма йдзе... шкулдык –
I стала! кажа: «Божа, памажы!»
Як трэба адказаў мужык.
«Што добрага чуваць, бабуся, ў людзях?» –
«Ай, чула, чула дзісь я шмат!
Ці то казаць, ці не казаць? бо страх.
Цяпер на брата ідзе брат,
А жонкі вернай, – гдзе цяпер шукаць?..
I у тваей каханак ёсьць;
Змаўлялася – як будзіш ў полі спаць,
Дык брытвай табе зробе штосьць!..»
Сказаўшы гэта, марш у лес бабуся,
Як ліс, лягла за першы куст,
Ціхусенька ляжыць, хоць кашаль дуся,
Ня пусьце навет пары з уст!
      Аж жонка з полуднем ляціць ад вёскі,
Схаваўшы брытву у кішэнь;
На вобмежку паставіла дар боскі
I кліча мужа, як штодзень.
Ён хмурны штось і есьць ня надта хоча,
А потым зараз лёг заснуць.
Заснуў! а жонка ў кішані шамоча...
Дастала брытву – і чуць-чуць...
«Га! рэзаць, подлая ты душагубка? –
Зароў, як той шалёны бык. –
Дык вот якая ты, мая галубка?..»
I дай біць жонку той мужык!..
      Зьдзівіўся чорт, што баба так зрабіла.
Узяў яго прад бабай ляк.
Ціжэмкі бабіны наткнуў на вілы,
Здалёка даў, баяўся так,
Каб баба і яму жыцьця ня струла,
Не нарабіла ў пекле штук,
Не набрахала б там, што чула,
Або што ён – яе байструк.
      З тых пор, як чорт гдзе не дарадзе,
Там слухае ён бабскіх рад,
У бабскай круціцца грамадзе
I ў пекле тым трымае лад!
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.