– Напішы мне, калі ласка, Пісямко дахаты! Піша з дому мне Параска, Што сын здан ў салдаты... Охо-хо! – Пракоп ўздыхае, Джургае чупрыну, А ў руках пісьмо трымае I канверцік сіні. Просіць шчыра грамацея, Нават шапку скінуў. Сам Пракоп пісаць ня ўмее – Дзе? Ў бядоце гінуў! Гадаваўся на мякіне, Жыў з худобай змалку, Смак жыцьця пазнаў на сьпіне, Высах сам у палку. А нарэшце вось папаўся Ў сьпісак арыштанцкі. А за што? Нібы зьбіраўся Падпаліць лес панскі! – Што ж табе пісаць, старэнькі? – А пішы, нябога! Жонка, сын мой даражэнькі! Шлю паклон з астрога. Сэрца мне баліць, і вас я З думак не спускаю. Кожны Божы дзень і час я Дом успамінаю. Жонка мая дарагая! Ты ня скрыўдзь Івана. Калі грошай не хватае, Папрасі ў Сьцяпана. Няхай Сьцёпка не баіцца – Аддамо з падзякай. Хлопцу ж трэба хоць акрыцца, А ня йсьці сабакам. Спраў кажух яму і боты, Выпраў, як і людзі. Дай з сабою колькі злоты – Весялейшы будзе. Калі корму досыць маеш, Падкармі больш сьвінку, Мо якую захаваеш На Вялікдзень шынку. А калі на грош няхватка Або корму мала, Закалі і з паўдзесятка Фунтаў прышлі сала... Сын мой! Снасьці рыбаковы Добра ты прыпратай – Згодзяцца, а венцер новы – Маеш час – залатай. Захавай, мой сын, прашу я, Човен у адрыне, Няхай вецер не сьвідруе, Няхай так ня гіне. Ўсё, што можна, захавайце, Пакуль я вярнуся. Нераток стары аддайце Міхалю з Габрусем. Кнігі ўсе, апроч Псалтыра, Вы аддайце Грышку, Хай сабе чытае шчыра, Бо ён любіць кніжку. Дарагі сын! Перад здачай Да мяне зайдзі ты, Можа, болей і ня ўбачу, Не пачую, дзе ты. Не смуткуйце, не бядуйце – Дасьць Бог спосаб новы. Што ж ты зробіш? Пагаруйце... Будзьце ўсе здаровы!
|
|