Ноч павісла над зямлёю, Ўсё абнята цішынёю, Поўнай страху, поўнай чар. Быў гарачы дзень бясконца, Не сьвяціла – жэгла сонца, Парнасьць страшная і вар. І вось неба не ўтрывала, Ўсё ў агнях запалыхала, Мрок хістаецца, дрыжыць. Там гараць, як у пажары, На паўдні, на ўсходзе, хмары, Дзе зьліліся рубяжы. І ня ўловіш слухам грому, Што тварыцца – невядома Ў нутрах гнеўных аблакоў. Як бы хто жывы, палючы, Погляд кідае бліскучы, Пыша сілаю віхроў, Ўскіне вочы агнявыя, Ўскіне грозна і закрые, Цьму сярдзіта ўскалыхне. Ды як сыпне ў неба жарам! Страшны шлях асьвеціць хмарам, Ніжай мрок к зямлі прыгне. А зямля маўчыць трывожна. Лес пакорна і набожна Сьціх, чакае – ні гу-гу! Неба ж грозна пыша, зьзяе, Бляск агністы разьлівае, Паліць мрочную смугу.
1913
|
|