Празь пяць гадоў я зноў наведаў Вусьце, Прытулак дум, абраны мой куток, Дзе высіцца вусьцянскі мой грудок І вецер лёгенька гайдаецца на кусьце. Іду на груд павольнаю ступою, Сумотна мне, бо я цяпер адзін, Мне шмат чаго прыходзіць на ўспамін, І нікну я паныла галавою. Грудок усё ж такі, як быў, прыветны, Гвазьдзічка белая, чабор на ім, Ды ўжо гляджу я поглядам другім, Як дуб стары, астаўшыся бязьдзетным. Стаю, маўчу, мясьціны аглядаю – Зьмяніліся, і трудна іх пазнаць. Дубоў маіх паменшылася раць, Як і людзей у родным нашым краі. Бязьлюддзе, ціш. Высокаю травою Вусьцянскія сялібы зарасьлі. Бярэзьнічак заняўся на зямлі, Атульвае разложыстую хвою. Дарожкі той, што бегла к Балачанцы, Няма нідзе – згубілася ў траве, У памяці ж маёй яна жыве, Як шмат з таго, што зьнікла на палянцы. І тых, з кім я так блізка быў знаёмы, Ужо няма: хто выселіўся сам К апошнім тым на сьвеце рубяжам, Дзе крыж стаіць журботна-нерухомы; Другіх вайна ў далёкі сьвет пагнала, І многа іх ня вернецца назад; А трэйціх вынішчыў, пабіў фашысцкі кат, І родная зямля іх не прыбрала. І ўсё мне тут, дзе вокам я ні кіну, Нагадвае аб жорсткасьцях вайны. Зьнявечаны лясы, а парасьнік буйны Жыве і тчэ спрадвечную тканіну. Ідзе жыцьцё, буяюць яго сілы, – Хай папрабуе хто суняць яго, спыніць. Снуе жыцьцё за ніцьцю сваю ніць, І моцныя для ўзьлёту яго крылы. Я ведаю – загояцца ўсе раны: 3 пажарышч край паўстане, расьцьвіце Ва ўсёй сваёй красе і паўнаце, – Наш верны шлях, ён з праўдай павянчаны! І толькі мне адно сягоньня горка: Няма таго, з кім думкі я дзяліў, 3 кім тут стаяў, з кім я шчасьлівы быў, – Пагасла ты, ясьнюсенькая зорка.
1945
|
|