Там, дзе вада затапіла шырокія нашы палі, Зь неба чарнюткага ўпала бялюткая птушка ў ваду. Мы, што забыліся Бога, сядзелі ў карчме і пілі, Мы прапілі ўжо сябе, і маглі б мы прапіць і бяду. Птушка ваду асьвятліла сваёю гарачай крывёй, Нашы палі задрыжэлі, каменьне цяжкое ўсплыло. Гром загрымеў над маёю дурной, як жыцьцё, галавой, Хлынула з куфляў паўнюткіх да столі чарнюткай сьвятло. Трэснула столь, і разьбегліся мышы з гарышча ўначы, Выбег і я, нібы мыш, што абсмалена злым карчмаром. Боль невыносны, хоць вый, хоць ты крычма да Бога крычы, Дзёр мне вантробы і смажыў пякельным бязбожным агнём. Як звар’яцелы, ляцеў я праз пекла людскога жыцьця, Каб ратаваць ад патопу дамы і магілы дзядоў. Падаў на золата, падаў на гідкія кучы сьмяцьця, І закіпала ўва мне, як віно, невясёлая кроў. Толькі ўсё ж там, дзе вада, нібы ноч, затапіла палі, Быццам бы зоркі ў нябёсах, па хвалях каменьне плыло. ...Мы, што з карчмы паўцякалі, на сьлізкіх каменьнях плылі, З чорнай вады нам сьвяціла бялюткае птушкі крыло.
|
|