Начныя вуліцы залітыя сьвятлом, Нібыта руслы рэк, залітыя віном Краіны райскай, што начамі сьніцца нам У гэтым сьвеце, што даўно ня Храм, А дымная майстэрня п’яных падмайстроў, Што любяць гаварыць пра грошы і любоў. Начныя вуліцы, залітыя сьвятлом, Люблю, як вершы Блока, пачытаць прад сном І ў вуліцах згубіцца, быццам патануць І быццам бы ў краіну райскую зірнуць І ўбачыць руслы рэк, залітыя віном, Нібыта вуліцы, залітыя сьвятлом, Дзе я адзін іду, нібы плыву, дамоў Ад маладых жанчын і п’яных сябрукоў, Каб зноўку вершы Блока перад сном чытаць, Пакуль начныя вуліцы ня сьпяць...
|
|