У векавечнай бацькаўшчыне клёны Нячутна пачынаюць аблятаць На рыжую траву, на мох зялёны, На весьніцы, На ціхі стаў, на гаць. Зямля глядзіць азёрамі-вачыма На ясны сьвет, што стыне у красе. Як чыста, бы сьвятло абшары вымыла, Як ціха – быццам зьніклі людзі ўсе. Адвечная мая! Ў сьцюдзёных росах, Як летась, як мільёны год таму... Ляцяць на ветры косы рыжай восені, І кліча лісьцяў жоўты сум зіму. На вуснах стыне горкі смак рабіны, Цалую іх, халодныя як лёд. О вы, што будзеце ісьці зь дзяўчынай Пад тымі ж клёнамі праз сотню год, Ці зразумееце, што мы кахалі, Што зьніклі так, як зьнікнеце і вы, Што векавечны толькі край, і далеч, І жоўты ліст на зелені травы, Што ў векавечнай бацькаўшчыне клёны Тысячагодзьдзі будуць аблятаць На рыжую траву, на мох зялёны, На весьніцы, на ціхі стаў, на гаць, Што нездарма яна з асінак рудых, Калі ідзеш увосень па зямлі, Раняе золата пад ногі людзям, Каб мы яе любілі й бераглі.
1958
|
|