РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Уладзімер Караткевіч
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Зімняя элегія
Чамусьці сёньня цішыня такая,
Што сесьці хочацца і патужыць.
Самотна зорка над зямлёй згарае,
І ў гурбах ліпа з холаду дрыжыць.
І я усё – усё чамусьці забываю,
Што зьнік той дзень, загублены ў цішы,
Што час ляціць, што ты ужо ня тая
І што даўно я зьнік з тваёй душы.
Часопіс на стале з тваім партрэтам –
Глядзіш з усьмешкай ветлай на мяне,
І ўспамінаю я Дняпро, і лета,
І цень каштана на старой сьцяне.
Як дзіўна, я зусім ня памятаю
Той дзень, калі цябе пабачыў я
Упершыню. Мо восень залатая,
Мо весьні дзень у дальніх тых краях.
Але затое так яскрава бачу:
Пакой, Чайкоўскі хмуры на сьцяне,
Раяль пра нешта дарагое плача
І прывіды каштанаў у акне.
Ты памятаеш: восеньню туманнай,
Калі уборы дрэў зьляцяць далоў,
Ліст жоўты застаецца на каштанах
Стажочкамі ля цёплых ліхтароў.
Ліхтар – і жоўты шарык на каштане,
А ўсіх братоў яго мятла зьмяла.
Вось так і я цягнуўся да каханай
І толькі й жыў, што ля яе сьвятла.
Былі ў яе нябачаныя вочы,
Падобныя на просінь у нябёс,
І сарамлівасьць мілая, дзявочая,
І сьветлая была, як сьветлы лёс.
Ёсьць дробязі, што поўныя значэньня:
Каханьне першае растопіць лёд
І нават палавік у цёмных сенях
Век памятны, як казкі першых год.
Мо толькі для таго яно прыходзіць,
Каб мы запамятавалі на вякі,
Як пахнуць рыбаю начныя воды,
Як у траве мігаюць сьветлякі;
Каб век сумленна памятала сэрца
Спакойны дым над цьмянай люстрай рэк,
Каб кожны быў да старасьці, да сьмерці
Сапраўдны і сумленны чалавек.
Я памятаю ўсё: тугая раска
Заткала стаў. Мінуў наш першы май.
Якой здаваўся нам чароўнай казкай
Ў пустых бляшанках прыгарадны гай!
Хай зразумее кожны на хвіліну,
Як незьлічоны сьветаў карагод,
Як лёгка разьмінуцца з той, адзінай,
Якой чакаеш, можа, сотні год!
Дні прабягаюць, і гады сплываюць,
Хвіліны шчасьця часам прамігцяць,
А боль жыве, і сэрцам адчуваю,
Што жыць заўсёды будзе, да канца.
І ўсё ж на досьвітку, і ў час зьмярканьня,
І ў ясны дзень і ў час, як сьпяць палі,
Я дзякую жыцьцю за цень каханьня,
За тое, што жывеш ты на зямлі.
Сяджу ў пакоі каля цёплай грубы.
Шыпіць пласьцінка. Ў сэрцы многа дум.
Кручу: «Над домам флюгер ёсьць у любай».
І Шуберт падзяляе ціхі сум.
О «Зімні шлях»! Забытыя будынкі,
Забыты водар ад каханых губ.
І хрыпне на марозе сьпеў катрынкі,
І мерзьне ў гурбах прыдарожны слуп.
Я дзякую табе. Няхай чужая,
Няхай твой твар для іншага жыве,
Ты ёсьць, ты недзе ёсьць, і ты жывая,
Ты ходзіш весьнім ранкам па траве!
Твае ў загары рукі бэз ламаюць.
Жыві і вечнай славай прамяней!
Рукой закрыўшы вочы, усьміхаюся...
Ты ёсьць на сьвеце. Досыць для мяне.
 
1958
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2022. Беларусь, Менск.