...І некалі сонца, як сьвечка, патухне І цемра затопіць зямлю і Сусьвет. Ды сьцены, што мы збудавалі, ня рухнуць, Ня згубяцца сьцежкі ў высокай траве, Бо сонца патухне, як сьвечка, якая Нам створана Богам, як вечнасьць, была З малітваў анёльскіх, таму і сьвятая, Таму і хапала для ўсіх нас сьвятла Ад сьвечкі, як сонца, якое патухне Мо' нават і сёньня, а мо' і праз год. Ды чорнае неба раптоўна ня рухне, Ня трэсьне над намі, як трэскае лёд, Калі на яго ты ступаеш нагою. Пад лёдам вада, як стагодзьдзі, цячэ. І мёртвае сонца над мёртвай зямлёю Сьлязой скамянелай на боскай шчацэ... Ды дзень пачынаецца, сонца ўзыходзіць, Як кропля крыві праступае зь зямлі, І вецер расу, што як з воску, халодзіць, І ў небе лятуць, нібы дым, жураўлі.
22.IX.2004.
|
|