Я зноў пра Храмы, сум, любоў і пра крыжы, Пра сьцежкі, валуны, князёў і пра магілы... А вы мне кажаце: «Пра гэта болей не пішы!» Як не пісаць, калі ўсё гэта край мой мілы?! І кожны верш мой новы – новая царква, Дзе я малюся і дзе сам я чую Бога. І вінаваты я, калі ўзрасла трава Ля Храма і ўтравела да сьвятынь дарога. І вінаваты я, што вам не зразумець Маёй крыві, што ў вершах у маіх пульсуе. Мне зь вершаў, быццам зь вежаў, белы сьвет глядзець, Крычаць: «Жыве мой край!» – хай гэта сьвет пачуе. А не пачуе сьвет, дык сын пачуе мой, Пачуюць сьцежкі, і сялібы, і магілы. А вы мне зноўку кажаце: «Ты не гэрой...» Я не гэрой... Але люблю я край наш мілы.
6.V.2008.
|
|