Балядны маналёг Казіміра Лышчынскага
|
3.03.1634 – 30.03.1689
|
Разбурылі мой дом, як прытулак вар’ята, І спалілі мяне, абакралі мой край. Мог чыноўнікам стаць, нават быць дыпляматам, Стаў бязбожнікам. Люд, ты мяне не карай, Што вучыў тваіх дзетак любові Не да Бога – да роднай нявольнай зямлі. Ну чаго вашы варты, браточкі, галовы, Раз душу і зямлю чужакам аддалі! Я вучыў вас за волю стаяць, вы ж няволі Цалавалі па-рабску, як жабу, руку. Не любілі мяне, я ж ніколі, ніколі Не жадаў вам нядолі на горкім вяку. Каты вырвалі вусны, язык – ды ня мову – І спалілі мяне – не спалілі мой крык, Мой праклён мудрацам, што заўсёды гатовы Нахлусіць, каб зь цямноцьця ня выйшаў мужык. І мой попел зьлятае ў далоні Айчыны, І душа мая ў небе, ня ў пекле чарцей. О мой край, ты пакутнік, ты воін адзіны, Што сябе не шкадуе за грэшных дзяцей. Разбурылі мой дом, як прытулак вар’ята, Абдурылі людзей, абакралі мой край. І сядзяць за сталамі шырокімі каты, І зьбіраюцца вечна судзіць і караць. І судзіць, і караць, прыкрываючы Богам Свой няправедны суд, свой зьвярыны закон. На касьцёр – век за праўду прамая дарога І сьляпога насельніцтва рабскі праклён. Я згарэў, як згарэлі мільёны нявінных. Мне застацца жывым, покуль ёсьць на зямлі Змагары Беларусы і па-над Айчынай, Нібы продкавы душы, лятуць жураўлі. Я згарэў, каб вам сьветла было і жылося, Каб надзей не цяплілі на міласьць багоў. Я сказаў сваё слова. Ня жыць безгалоса. Сёньня слова за вамі, скажыце яго!
27.II.1989.
|
|