Баляда Саламеі Пільштыновай
|
1718 – пасьля 1760
|
Ад горада ў горад, з краіны ў краіну У пошуках шчасьця жаночага ты Вандруеш, сабе не жадаеш супыну. Супынак – зарослыя лесам клады. Ты зноў у Стамбуле, жывеш у султана, Дзе лечыш жанчын, пра Іерусалім, Самотная, марыш і мар аб каханым Ты не адцуралася сёньня зусім, Бо ты авантурная і маладая. А хто малады – той, нібы залаты... І сьніцца Айчына, амаль што чужая, Куды ўжо ніколі ня вернесься ты, Хоць там і найлепшыя людзі на сьвеце, І родныя хаты, і замкі, лясы, І сонца ласкавей там грэе і сьвеціць, І, быццам каралі, там кроплі расы. А тут хоць і добра, ды ўсё тут чужое, І будзе табе назаўсёды чужым І неба, як мора, і мора начное, Як неба, дзе чайкі лятаюць, як дым Ад вогнішч вандроўнікаў, што спачываюць. А ты авантуры натуеш свае, Якія праз сотні гадоў прачытаюць На роднай зямлі, дзе салоўка пяе Пра вечнасьць і міг, і пра тое каханьне, Якое, вандроўная, зьведала ты... Мяняецца сьвет, як на дрэвах лісты... І ўсё ж замяніць нам Айчыну ня ў стане Ніколі й ніякі Стамбул залаты.
5.IV.2009.
|
|