Баляда Ігната Дамейкі
|
31.07.1802 – 23.01.1889
|
У цябе ёсьць свой Храм – Беларусь, да якой Ты ідзеш праз паўстаньне, вандроўкі, чужыну І сьвятлееш, мацьнееш самотнай душой, У якой, нібы сонца ў нябёсах, Айчына, Што была і тваёй застанецца, як крыж На магілах у продкаў, што зь верай жылі, Што на сьвеце няма і ня знойдзеш зямлі Прыгажэй і мілей, чым свая, хоць маўчыш Аб любові сваёй, бо ня варта крычаць, Бо Айчына ад крыку краінай ня стане, У якой «жураўлі на Палесьсе ляцяць», У якой ружа-кветка цьвіце і ня вяне. І прад сьмерцю, вядомы, прыедзеш дамоў І, нібыта наіўны хлапчук, ты заплачаш, Калі родныя песьні пачуеш і ўбачыш, Як плывуць на Купальле вянкі з васількоў Па рацэ, да якой ты зь дзяўчатамі сам Неаднойчы хадзіў... І прыедзеш у Крошын, І пасадзіш дубкі, каб расьлі і каб нам Уздымалі нябёсы над краем прыгожым, У якім пра цябе будзе помніць трава, Што расьце на магілах, на белых капліцах, Будзе помніць вада, што бруіцца ў крыніцах, Будзе помніць касьцёл, будзе помніць царква. І ў далёкае Чылі ты вернесься зноў, Але ты назаўжды застанесься душою Ля бацькоўскіх магіл, ля азёр, ля дубоў, Што асьветлены першай тваёю сьлязою...
23.II.2009.
|
|