Баляда Аляксандра Ельскага
|
16.06.1834 – 10.09.1916
|
У сьнягах задрамала сьвітаньне, І паўдня пачынаецца дзень. Для кагосьці за волю паўстаньне – Гэта кроў, для кагосьці – прамень, Што асьвечвае новыя далі, За якімі жыве Беларусь. Ля іконы ты сьвечку запаліш, На стале ты расьсьцелеш абрус Для гасьцей, што ня прыйдуць зімою, Бо дарогі паліты крывёю І ў фальварку замецены сьцежкі, Што нікуды ня выйсьці табе. А ў суседа дымяць галавешкі, Воран вочы суседу дзяўбе. І ты дома, нібыта ў няволі, Малады, адзінокі, сядзіш. Як ваўку, табе хочацца ў поле Хоць і сьніцца начамі Парыж. Ды вясна хутка будзе ў Замосьці, І тут жыць, і тварыць будзеш ты. І ў музэй твой з Эўропы ўсёй госьці Будуць ехаць, бы ў Храм залаты. А пакуль што з-пад сьнегу сьвітаньне Прарастае, як кроў празь бінты. І душу тваю паліць паўстаньне, І душу тваю студзяць вятры.
24.VIII.2009.
|
|