Баляда Адама Гурыновіча
|
25.01.1869 – 4.02.1894
|
На могілках не адшукаць магілы, Дый могілак саміх не адшукаць. Каля дарогі крыж стаяў пахілы, Няма дарогі, быльнягі шумяць. А ты ня думаў, што вось гэтак будзе У краі родным, пра які ты сьніў. Ды ўсё мяняецца, тым болей людзі, Калі іх адарваць ад родных ніў, Ад родных слоў, ад песень і ад казак, Што зь веку ў век з адной душы ў душу Ішлі і напаўнялі сьвет наш ласкай, Як поўніцца рака пасьля дажджу У час задушлівы жывой вадою. І ты хацеў, каб родны край заўжды Быў, як рака, напоўнены жывою Вадой і каб, нібыта да вады, Да родных слоў, да песень і да казак Усе імкнуліся, бо зь імі край, Няхай праз сотню год, а не адразу, Усё-ткі ператворыцца ў наш рай, У беларускі, дзе і твой фальварак Паўстане з траў, ня згубіцца ў вяках, Як і твая аб Беларусі мара, Прыгожая, нібыта ў Вільню шлях...
14.IX.2008.
|
|