Баляда Фердынанда Рушчыца
|
10.12.1870 – 30.10.1936
|
Варшаваю і Вільняю паміж Багданава – нібы на Храме крыж, Куды вяртацца, на які маліцца. У лёсных травах сьцежак бліскавіцы, Зьнікаючы, зьяўляюцца ізноў. І кветкі ў лузе, як спакою кроў, Віднеюцца і не даюць спакою. І ты ідзеш з тутэйшаю душою, Чужы і свой, да плачу закаханы У гэты край, што Богам быў абраны, Але забыты да пары да часу. І сонцу ранкам не ўзысьці адразу, Як і табе адразу не прыйсьці Дамоў, дзе ў клёна залатым лісьці І золата тваё таксама ёсьць, Як сьнег і дождж і чорная ральля. Было ўсё тут, і будзе ўсё пасьля, Як вернесься, здарожаны, дамоў Да затравелых на кладах крыжоў, Дзе ты ляжыш ля жонкі і бацькоў, Дзе ты мастак і гэты родны сьвет – Як твой, пакінуты з карцінаю, мальберт...
7.VIII.2006.
|
|